ХВО́ЙНЫЯ ЛЯСЫ́,

лясы з перавагай дрэў з лісцем ігольчастай або лускападобнай формы (хвояй). Характэрны для паўн. ч. ўмераных шырот Паўн. паўшар’я, у некат. раёнах субтропікаў і тропікаў. У Еўразіі ўтвараюць Еўразійскую таежную вобласць (гл. Таежныя зоны, Тайга).

Адрозніваюць Х.л. цемнахвойныя (яловыя, піхтавыя, кедравыя) і светлахвойныя (хваёвыя, лістоўнічныя); паводле геагр. месцазнаходжання і складу расліннасці — паўночна-, сярэдне- і паўднёватаежныя, падтаежныя, а таксама шыракаліста-хвойныя. Х.л. паўночна-таежнага тыпу зменьваюцца падтаежнымі і шыракаліста-хвойнымі з Пн на Пд. У іх на глебавым покрыве імхі, лішайнікі, хвашчы, папараці, дзярэзы, чарніцы, брусніцы і інш. Большасць Х.л. — карэнныя і ўмоўна-карэнныя, крыніца каштоўнай драўніны, маюць аэрааднаўленчае, кліматычнае, водарэгулявальнае і проціэразійнае значэнне.

На Беларусі Х.л. займаюць 67,2% плошчы пад лесам. Пераважаюць хваёвыя лясы і яловыя лясы.

т. 17, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)